Сёння Наваполацк святкуе дзень свайго нараджэння
Адзін з самых маладых гарадоў Беларусі – Наваполацк – адзначае сёння свае імяніны, а таксама прафесійнае свята нафтаперапрацоўшчыкаў. Беларускі “нафтаград” быў заснаваны 48 гадоў таму, і па традыцыі яго дзень нараджэння супадае з Днём працаўнікоў нафтавай, газавай і паліўнай прамысловасці.
Урачыстасці прайшлі на некалькіх сцэнічных пляцоўках. У канцэрце-адкрыцці свята, які арганізавалі на плошчы Будаўнікоў, удзельнічалі творчыя калектывы Палаца культуры ААТ «Нафтан», артысты Мозырскага нафтаперапрацоўчага завода, народныя калектывы з Верхнедзвінска і Полацка. Для жыхароў горада-імянінніка спявалі зоркі беларускай эстрады Ксенія Сітнік і Кірыл Слука. На стадыёне адбылося ваенна-спартовае шоу, дзе сваё майстэрства прадэманстравалі атлеты, спецназаўцы, памежнікі, дэсантнікі, спартсмены ААТ «Нафтан». На возеры Люхава паміж сабой спаборнічалі водналыжнікі і водныя турысты. У межах свята таксама прайшоў адкрыты чэмпіянат горада па пейнтболу «Кубак Нафтана».
Да самага вечара працавалі разнастайныя атракцыёны і кірмаш. А пасля неба над Наваполацкам расквеціў святочны феерверк.