У Паставах пачалося святкаванне Дня беларускага пісьменства
У Паставах 2-3 верасня праходзіць святкаванне Дня беларускага пісьменства. Ён лічыцца нацыянальным святам Беларусі і адзначаецца штогод у першую нядзелю верасня. Сёлетнія ўрачыстасці з’яўляюцца трынаццатамі па ліку. Віцебшчына прымае Дзень беларускага пісьменства ўжо ў чацвёрты раз (два разы ён святкаваўся ў Полацку і аднойчы – у Воршы).
У гэтым годзе ў Паставах чакаюць больш за 800 гасцей з-за мяжы і ўсіх рэгіёнаў Беларусі, сярод іх прадстаўнікі 15 замежных амбасад, вядомыя пісьменнікі, вучоныя, гісторыкі, артысты, журналісты, народныя майстры. Паставы даўно рыхтаваліся да свята, і, кажуць, горад не пазнаць. Улады выдаткавалі на яго добраўпарадкаванне каля 4,5 мільярдаў рублёў. За гэтыя грошы адрамантавалі Дом культуры, гатэль, раённую бібліятэку, адрэстаўравалі палац Тызенгаўзаў і іншыя аб’екты.
Сёння у 14 гадзін адбылося адкрыццё адрамантаванага Дома культуры, дзе затым прайшлі навукова-практычная канферэнцыя “Пастаўскія чытанні” і канцэрт майстроў народнай песні “Пастаўшчына фальклорная: ад фестывалю да фестывалю”. В 19 гадзін у палацы Тызенгаўзаў адкрылі помнік Канстанціну Тызенгаўзу – знакамітаму асветніку і вучонаму-арнітолагу (1786-1853). Зараз у яго радавым палацы месціцца раённая бальніца. А раней тут знаходзіліся балетная школа, карцінная галерэя, арніталагічны музей, які з’яўляўся базай біялагічнага факультэта Віленскага універсітэта. Да свята таксама прымеркаваны адкрыццё рэтра-кавярні, якая “схавалася” у палацавых скляпеннях, і вечар старадаўняй музыкі “Музыка палацаў”.
Заўтра, 3 верасня, Паставы прымуць рэспубліканскую навукова-творчую экспедыцыю “Дарога да святыняў з Благадатным агнём ад Гроба Гасподняга”, якая выправілася 30 жніўня з Мінска. Раніцай каля царквы ў імя свц. Мікалая Цудатворца адбудзецца хрэсны ход, святочная літургія і пасадка “Саду Малітвы”.
Дзень беларускага пісьменства ўрачыста адкрыецца на галоўнай сцэне ў гарадскім парку цырымоніяй узнагароджання лаўрэатаў 46-га рэспубліканскага конкурсу «Мастацтва кнігі» ганаровым знакам-сімвалам «Залаты фаліянт». Затым пройдзе вялікі канцэрт народных калектываў Віцебскай вобласці і Пастаўскага раёна.
У межах фестывалю кнігі і прэсы адбудуцца сустрэчы з пісьменнікамі, выдаўцамі, журналістамі, розныя конкурсы, латэрэі, будуць экспанавацца выставы друкаваных СМІ і беларускіх выдавецтваў, а таксама лаўрэатаў 46-га рэспубліканскага конкурсу «Мастацтва кнігі» і лаўрэатаў ІІІ міжнароднага конкурсу «Мастацтва кнігі». У прыватнасці, будзе прадстаўлена больш за 250 кніг з фондаў Музея беларускага кнігадрукавання – філіяла Нацыянальнага Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка.
У “Городзе майстроў” збяруцца больш за 70 народных майстроў. Упершыню ў Дзень беларускага пісьменства ладзіцца дзіцячае свята. На гарадскім стадыёне пройдзе першынства рэспублікі па футболу сярод каманд другой лігі.
Скончацца ўрачыстасці ў 20 гадзін цырымоніяй перадачы эстафеты свята, гала-канцэртам майстроў мастацтваў і феерверкам.