Сябраў СБП не запрасілі на Дзень беларускага пісьменства ў Паставах
Як мы ўжо паведамлялі, 2-3 верасня ў Паставах, якія называюць “цымбальнай сталіцай” (тут ужо дзевяць разоў праходзіў міжнародны фестываль народнай музыкі “Звіняць цымбалы і гармонік”) адзначылі Дзень беларускага пісьменства.
Райцэнтр выглядае зараз настолькі годна, прыгожа, чысцютка і прадстаўніча, што яго насамрэч нясорамна паказваць замежнікам. І намеснік прэм’ер-міністра Аляксандр Косінец, характарызуючы Паставы як “горад еўрапейскага ўзроўню”, недалёка адыйшоў ад ісціны, бо нават у Віцебску нідзе няма такога ўтульнага парку, такіх набярэжных, як там. Пры гэтым мясцовыя жыхары сведчылі, што парадак і чысціня былі ў іхнім горадзе заўсёды, а не толькі ў гэтыя дні.
Святкаванне распачалося апоўдні 3 верасня ўрачыстым шэсцем да гарадскога парку. Наперадзе калоны хлопцы і дзяўчаты ў нацыянальных і гістарычных строях неслі харугву з выявай Францыска Скарыны. Затым ішлі Аляксандр Косінец, старшыня аблвыканкама Уладзімір Андрэйчанка, старшыня Цэнтрвыбаркама Лідзія Ярмошына, міністр інфармацыі Уладзімір Русакевіч, міністр адукацыі Аляксандр Радзькоў, намеснік міністра культуры Валерый Гедройц, старшыня Пастаўскага райвыканкама Эдуард Казура, архіепіскап Полацкі і Глыбоцкі Феадосій, епіскап Навагрудскі і Мінскі Гурый, замежныя дыпламаты і іншыя ганаровыя госці. Затым – артысты, госці рангам ніжэй і простыя пастаўчане.
Цырымонія адкрыцця Дня беларускага пісьменства прайшла у амфітэатры пад адкрытым небам. Спачатку, як вядзецца, былі прамовы. Як падалося, Аляксандру Косінцу выступ па-беларуску даўся досыць цяжка, а вось наш губернатар гаварыў на роднай мове значна лепей і вельмі натуральна. Праўда, пасля афіцыйнай прамовы, ён усё роўна перайшоў на рускую, больш звыклую. На гэтай жа мове размаўлялі Лідзія Ярмошына і Анжаліка Агурбаш. Старшыня Цэнтрвыбаркама пажадала тым, у каго ёсць дзеці-падлеткі, наступнае: “Везите их в Полоцк. Может, с этого момента они осознают себя белорусами”. А расійска-беларуская прыгажуня- спявачка, выканаўшы песню пра “ясную, чистую, белую-белую Русь”, прызналася: “У Дня белорусской письменности – особая аура. На мне всегда медальон с преподобной Евфросинией Полоцкой, приобретенный в 2003 году во время этого праздника в Полоцке”.
Сёлета ўпершыню праводзілася ўрачыстая цырымонія ўручэння ганаровага знака-сімвала “Залаты фаліянт” лаўрэатам 46-га Рэспубліканскага конкурсу “Мастацтва кнігі”. Гэта стала адметнасцю свята ў Паставах, бо дванаццаць гадоў запар праграмы Дзён беларускага пісьменства мала чым адрозніваліся адна ад адной. “Залатым фаліянтам” – статуэткай у выглядзе жаночай постаці з узнятай у руках кнігай – уганаравалі 19 пераможцаў. Гран-пры і дыплом імя Францыска Скарыны атрымала выдавецтва “Мастацкая літаратура” за падрыхтоўку і выпуск двухтомнага выдання “Победа” – “1418 дней Великой Отечественной войны”, “Память со слезами на глазах” і Мінская фабрыка каляровага друку – за паліграфічнае выкананне гэтага выдання, а за распрацоўку складанага макета і мастацка-графічнае афармленне кніг – Аляксей Пятроў і Валерый Рагалевіч.
“Залатым фаліянтам” і дыпломам “За лепшае выданне 2005 года” узнародзілі выдавецтва “Беларуская энцыклапедыя імя П.Броўкі” – за выпуск першага тома энцыклапедыі “Вялікае княства Літоўскае”; выдавецтва “Мастацкая літаратура” – за кнігу “Віктар Альшэўскі. Уражанні раўнавагі, альбо Лесвіца ўверх”; а таксама “Міжнародны цэнтр інтэграцыйнай інфармацыі. Грамадскі прэс-цэнтр Дома прэсы” – за кнігу “Алмаз в действии”. Акрамя таго, яшчэ 12 выдавецваў атрымалі статуэтку і дыпломы ў розных намінацыях: за лепшае літаратурна-мастацкае, вучэбнае, навуковае, навукова-папулярнае, дзіцячае, даведачнае, серыйнае, выяўленчае выданні 2005 года, за культуру масавай кнігі, увасабленне нацыянальнай тэмы, лепшую паліграфію і інш.
Прыемна, што лепшым літаратурна-мастацкім выданнем стала сапраўды вартая кніга – “Уладзімір Караткевіч. Быў. Ёсць. Буду!” з серыі “Жыццё знакамітых людзей Беларусі”, выдадзеная “Мастацкай літаратурай”. Дарэчы, гэта выдавецтва сабрала большасць узнагарод конкурсу. Усе кнігі-лаўрэаты перададзены на захаванне ў Музей беларускага кнігадрукавання Нацыянальнага Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка, праца якога таксама была адзначана дыпломам.
Па традыцыі ў межах свята адбыўся фестываль кнігі і прэсы. Але ж прадстаўнікі незалежных СМІ даўно пачуваюць сябе на ім няпрошанымі гасцямі. Экспанавацца і рэкламавацца, зразумела, было дазволена толькі дзяржаўным выданням. Напрыклад, забаранілі распаўсюджваць газету “Товарищ” і “Віцебскі кур’ер”. Начальнік упраўлення ідэялагічнай работы аблвыканкама Міхаіл Кузьміч асабіста адмовіў рэдактару “Віцебскага кур’ера” Уладзіміру Базану размясціць газету ў шапіку, дзе выстаўлялася абласная і раённая прэса Віцебшчыны. М.Кузьміч адзначыў, што гэты кіёск прызначаны толькі для дзяржаўных выданняў. А на пярэчанне У.Базана, што пра гэта ж на шыльдзе не ўказана, дадаў: “Будут там еще находиться всякие...”. Яшчэ адзін цікавы момант: з прамовы У.Андрэйчанкі вынікала, што ў Віцебскай вобласці выдаецца больш за 300 газет, у тым ліку 26 – дзяржаўных. Хто-небудзь з вас бачыў хоць чвэрць з астатніх 274 недзяржаўных друкаваных медыяў?
На будынку Пастаўскага райвыканкама вісела вялізная расцяжка з надпісам “Пакуль жыве мова – жыве народ”, транспаранты з падобнымі слоганамі знаходзіліся і ў іншых месцах. Але ўсё ж такі назваць Дзень беларускага пісьменства сапраўдным святам роднага слова і духоўнасці можна з вялікай цяжкасцю. Хоць Пастаўскі край гістарычна знаходзіўся на стыку праваслаўнай і каталіцкай канфесій, на свяце ўдзельнічалі адны прадстаўнікі праваслаўя. На ўрачыстасць запрасілі толькі сябраў не так даўно створанага праўладнага Саюза пісьменнікаў Беларусі. А творцы з альтэрнатыўнай арганізацыі – Саюза беларускіх пісьменнікаў – афіцыйных запрашэнняў не атрымалі. Такіх вядомых класікаў нашай літаратуры, як Р.Барадулін, У.Арлоў, Г.Бураўкін, С.Законнікаў, там не было. Не атрымаў запрашэнняў і ніхто з 26-ці сябраў віцебскай абласной арганізацыі СБП, а таксама абласной арганізацыі ТБМ. Віцебскія паэткі Людміла Сіманёнак і Алена Гінько нарадзіліся ў Паставах, і прысутнічалі на свяце як звычайныя госці, а не літаратары. У якасці толькі краязнаўцаў выступілі і пастаўчане Ігар Пракаповіч і Аркадзь Нафрановіч.
Што тычыцца чыста забаўляльных іпрэз, то ўсім знайшлося, на што падзівіцца і ў чым паўдзельнічаць. Да самага вечара гудзеў кірмаш у “Горадзе майстроў”. Упершыню на Дні беларускага пісьменства прайшло дзіцячае свята. Шмат наведвальнікаў завітала ў майстэрню, дзе выкладчык кафедры графікі, дацэнт Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў Уладзімір Вішнеўскі дэманстраваў старажытны спосаб ручнога друкавання гравюры і кніг.
Гэта свята штогод “ездзіць” па невялікіх гарадах і мястэчках краіны, адметных сваёй гісторыяй і культурай. Яго ўжо прымалі (некаторыя і па два разы) Полацк, Тураў, Заслаўе, Мір, Наваградак, Орша, Мсціслаў, Нясвіж, Пінск, Камянец і вось зараз Паставы. У 2007 годзе наступнай сталіцай Дня беларускага пісьменства абраны Шклоў – райцэнтр на Магілёўшчыне, вядомы сваёй прыналежнасцю да аўтабіяграфіі кіраўніка дзяржавы. Але гарадок, першая згадка пра які ў летапісах адносіцца да 1535 года, знакаміты не толькі гэтым. Да прыкладу, тут яшчэ жыў Сямён Зорыч (Неранчыч) – стваральнік самага вялікага прыгоннага тэатра на ўсходзе Беларусі. Пры ім жыццё ў Шклове мела вялікі эканамічны росквіт: тут працавалі шаўковая фабрыка, цагляны, гарбарны, канатны, вінакурны, свечны і конны заводы...