Народные новости Витебска

У Верхнедзвінску з’явіўся Дом правасуддзя

У апошнія дні літаральна адзін за адным у гарадах і мястэчках Віцебшчыны ўводзяцца ў эксплуатацыю новыя аб’екты сацыяльнага значэння. Учора адчынілі новую аўтастанцыю ў Шуміліна (нагадаем, што там ёсць нават першая сярод аўтавакзалаў вобласці прыбіральня для інвалідаў-калясачнікаў). А сёння ўлады перарэжуць чырвоную стужачку ў Верхнедзвінску, дзе з’явіўся свой Дом правасуддзя.

Праўда, новы будынак спецыяльна пад гэтую ўстанову не ўзводзілі: за сродкі абласнога ўпраўлення юстыцыі зрабілі рэканструкцыю ў былым будынку райсельгасхіміі. Зараз у Доме правасуддзя пад адным дахам размесцяцца адвакатура, раённы суд і іншыя юрыдычныя службы, якія да гэтага знаходзіліся ў розных кропках Верхнедзвінска.