У Верхнедзвінску знаходзіцца адзіная ў Беларусі школа, вучні якой атрымліваюць заробкі

У Верхнедзвінскай СШ №1 вучні атрымліваюць не толькі веды па звычайных школьных дысцыплінах. Навучальны працэс тут мае тэхналагічны ўхіл, і ў школе яшчэ можна авалодаць прафесіяй швачкі, цесляра, вадзіцеля. Пакуль такая сярэдняя навучальная ўстанова з’яўляецца адзінай у краіне.

У СШ №1 Верхнедзвінска навучаецца больш за 300 вучняў. На ўзроўні базавай адукацыі тут выпускаюць швачак і цесляроў 2 разраду. А вучні 10-11 класаў вучацца аўтамабільнай справе, лепшыя з якіх атрымліваюць вадзіцельскія пасведчанні катэгорыі С. У школе ёсць уласны аўтадром, абсталявана вытворчая майстэрня.

Праца школьнікаў запатрабавана на рынку. Ім паступаюць заказы ад розных прадпрыемстваў, і, выконваючы іх, вучні зарабляюць грошы. Школа заключыла пагадненні аб супрацоўніцтве з кафедрай працоўнага навучання Полацкага дзяржаўнага універсітэта, Віцебскім дзяржаўным каледжам, Лепельскім аграрна-тэхнічным каледжам і іншымі ўстановамі, куды пасля могуць паступаць выпускнікі.

У школе ёсць сапраўдныя таленты. Напрыклад, браты Вадзім і Віталь Варанецкія, два разы перамагалі ў абласных і рэспубліканскіх алімпіядах па тэхналагічнаму навучанню. Хлопцы ўласнымі рукамі вырабляюць мэблю. Сваім бабулі і дзядулі на залатое вяселле яны падарылі прыгожы буфет.

Меткі:

Чытайце яшчэ