Віцебскі садавод-аматар Віталь Смолікаў на сваім лецішчы вырасціў тры гарбузы галандскай селекцыі агульнай вагай больш за 150 кілаграмаў.
Два гарбузы важуць прыкладна па 55 кілаграмаў кожны. А трэці ўвогуле 65 кілаграмаў! Вышыня гэтага гіганта – 85 сантыметраў, а шырыня ў акружнасці – 175 сантыметраў. Садавод кажа, што не прымяняў ніякіх спецыяльных агратэхнічных тэхналогій. Насенне гарбузоў яму прывезлі з Масквы. І пасадзіў ён іх, як звычайна, у канцы красавіка. На думку В.Смолікава, гарбузы выраслі такімі вялікімі з-за моцных дажджоў у жніўні. Зараз садавод ламае галаву, якія прыпасы на зіму зрабіць з такога багатага ўраджаю.