Паўла Севярынца выклікалі на допыт па справе “Маладога Фронту”
Паўла Севярынца 13 верасня выклікалі на допыт у якасці сведкі па крымінальнай справе, узбуджанай з нагоды дзейнасці незарэгістраванай арганізацыі “Малады Фронт”.
П.Севярынца даставілі з Ветрынскай камендатуры ў Полацкую раённую пракуратуру. Дапытваў яго памочнік раённага пракурора Руслан Грыневіч. Яго цікавілі кантакты Севярынца з “Маладым фронтам”, і ў пацвярджэнне сувязі палітыка з маладафронтаўцамі Р.Грыневіч прадставіў раздрукоўку тэлефонных размоў Паўла з адным з сённяшніх лідэраў “МФ” Зміцерам Дашкевічам. Севярынец адмовіўся адказваць на пытанні памочніка пракурора, спаслаўшыся на артыкул 27 Канстытуцыі Беларусі, згодна якой ніхто не павінен прымусова сведчыць супраць самога сябе.
Нагадаем, што моладзевы лідэр Павел Севярынец ужо адбыў адзін з двух прызначаных яму гадоў пакарання на “хіміі” у пасёлку Ветрына Полацкага раёна. Севярынец абвінавачваўся ў арганізацыі масавых акцый пратэсту супраць афіцыйных вынікаў парламенцкіх выбараў і рэферэндума ў кастрычніку 2004 года.