У Віцебску стала прыжывацца такая замежная з’ява, як буккросінг. Гэта значыць, небібліятэчны абмен кнігамі. Галоўная ідэя буккросінга: прачытаў сам – перадай іншаму. Ён вельмі папулярны у Заходняй Еўропе, дзе людзі, прачытаўшы кнігу, пакідаюць яе ў людным грамадскім месцы – у кавярнях, парках, на прыпынках і г.д.
Такая кніжная дабрачыннасць стала моднай і ў нашым горадзе. Дзе-нідзе можна натрапіць на пакінуты кімсьці літаратурны твор, на вокладцы якога напісана: “Кніга не страчана, яна ўдзельнічае ў кнігаабмене”. Па правілах буккросінга, перад тым, як пакінуць кнігу, на ёй трэба напісаць дату і месца развітання з ёю. Знойдзе іншы чалавек, прачытае, таксама паставіць сваю дату і месца і перадасць далей. Цікава!
Калі ў вас ёсць нясумныя кнігі, з якімі не шкада падзяліцца, то ўдзельнічайце ў гэтай гульні. Прыемна ж даставіць задавальненне добрым людзям!