Народные новости Витебска

Казулін будзе сядзець пад Віцебскам

Былога кандыдата ў прэзідэнты Аляксандра Казуліна ў ноч з 20 на 21 верасня этпіравалі ў папраўчую калонію агульнага рэжыму № 3 у пасёлку Віцьба недалёка ад Віцебска. Аб гэтым паведамілі прэс-служба палітыка і ягоны адвакат Ігар Рынкевіч.
Напярэдадні Мінскі гарадскі суд адхіліў касацыйную скаргу на прысуд Маскоўскага райсуду, паводле якога Аляксандар Казулін асуджаны на пяць з паловай гадоў зняволення. Такім чынам, з 20 верасня прысуд Казуліну ўступіў у дзеянне. Закон дае дзесяць дзён на прыняцце рашэння, дзе будзе адбываць пакаранне асуджаны. Але падобна, што адносна Казуліна вызначыліся ўжо ў першы дзень.

У калоніі "Віцьба-3", дзе апынецца А.Казулін, адбывае пакаранне былы лідэр апазыцыйнай дэпутацкай групы "Рэспубліка" беларускага парламенту Сяргей Скрабец. Вось што распавяла пра ўмовы ў гэтай калоніі яго жонка Аляксандра: "Раней гэта была дзіцячая калонія. Тэрыторыя там упарадкаваная: газоны, кветкі, ёсць спартовыя пляцоўкі. Гэта ўсё падтрымліваецца ў парадку рукамі асуджаных. А ў камеры, дзе Сяргей знаходзіцца, разам дваццаць чалавек".

На якасць харчавання яе муж не скардзіўся, але адзначаў, што часта даюць кашы. У калоніі "Віцьба-3" частка асуджаных, паводле жонкі дэпутата, занятая на швейнай вытворчасці.

Сваякоў Казуліна навіна пра тое, што ўжо ноччу яго адправяць у калонію, заспела знянацку.