Народные новости Витебска

Падтрымаем віцябчанку Аліну Канарову, канкурсантку дзіцячага “Еўрабачання”!

Як мы ўжо паведамлялі, 12 гадовая віцябчанка Аліна Канарова ўвайшла ў фінал рэспубліканскага дзіцячага конкурса “Песня для Еўрабачання”. У фінальнай дзесятцы пераможцаў Аліна – адзіная прадстаўніца Віцебскай вобласці.

30 верасня ў 19.15. у прамым эфіры БТ пакажуць гала-канцэрт ўсіх фіналістаў конкурса. Адначасова будзе праходзіць галасаванне журы і інтэрактыўнае галасаванне гледачоў. Удзельнік, які набярэ большасць галасоў, і прадставіць Беларусь на міжнародным дзіцячым конкурсе песні “Еўрабачанне-2006”, які адбудзецца ў Бухарэсце (Румынія) 2 снежня. Поспех Аліны шмат у чым будзе залежыць ад нас з вамі, ад нашай падтрымкі. Таму тэлефануйце па нумару, які будзе ўказаны ў эфіры, і галасуйце за таленавітую віцябчанку!

На гала-канцэрце Аліна праспявае сваю новую аўтарскую песню “Карусель”. Гэту песню дзяўчынка напісала ў якасці падарунка для сваіх сяброў з харэаграфічнага калектыву “Вясёлая карусель”, які адначыў сёлета сваё 10-годдзе. Дарэчы, шасцёра дзяўчат з “Вясёлай каруселі” будуць выступаць у прамым эфіры разам з Алінай на падтанцоўцы.

У юнай спявачкі ёсць свой сайт у інтэрнэце: www.alina-star.by.ru, які для дачкі зрабіў бацька. Тут можна прачытаць апошнія навіны, убачыць фотаздымкі артысткі, скачаць песні ў яе выкананні. Праўда, “Карусель”, з якой Аліна выступіць на гала-канцэрце, пакуль для слухачоў па зразумелых прычынах не даступная.

Аліна Канарова вучыцца ў 7 класе СШ №31 Віцебска. Яна з’яўляецца салісткай вакальнага калектыва “Лада” Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Першамайскага раёна Віцебска, дзе займаецца ўжо тры гады пад кіраўніцтвам педагога Наталлі Шыбанавай. Акрамя таго, А.Канарова вучыцца ў музычнай школе №1 Віцебска. Дзяўчынка неаднаразова перамагала ў розных вакальных спаборніцтвах. Так, у 2004 годзе ў Мінску яна стала першай у конкурсе “Фестывальны рух краін СНД і Балтыі”. У 2005 годзе заняла 2-ое месца на міжнародным фестывалі студэнцкага мастацтва “Open Belarus-2005” і стала лаўрэатам міжнароднага моладзевага фестывалю мастацтваў “Сергеевские зори” (Адэская вобласць, Украіна). Сёлета Аліна атрымала дыплом другой ступені на міжнародным фестывалі дзіцячай творчасці “Залатая пчолка” ў Клімавічах, а таксама стала лаўрэатам ІІІ Нацыянальнага тэлевізійнага конкурса “Сузор’е надзей”.