Сябры наваполацкага клуба “Жалезны воўк” зноў здымаліся ў кіно
Сябры клуба гістарычнай рэканструкцыі “Жалезны воўк” з Наваполацка Андрэй Мікалаеў і Сяргей Руткоўскі ўдзельнічалі ў здымках фільма “Ворагі”.
Мастацкая стужка здымаецца на “Беларусьфільме” і з’яўляецца дэбютам беларускага рэжысёра Марыі Можар. А генеральны прадзюсер карціны – з Расіі. Гэта Аляксей Учыцель, пераможца 27-га Маскоўскага міжнароднага кінафестывалю.
Падзеі ў “Ворагах” адбываюцца на пачатку Вялікай Айчыннай. І наваполацкія хлопцы іграюць ролі... нямецкіх салдатаў. Па сцэнару ў беларускай вёсцы спынілася рота немцаў. Аб тым, як складаюцца іхнія стасункі з мясцовымі жыхарамі, і распавядаецца ў фільме. А яшчэ там ёсць каханне. Так што кіно абяцае быць цікавым як мужчынам – вайнушка, так і жанчынам – амурныя справы. Чакаецца, што на экраны фільм выйдзе ў пачатку наступнага года.
Сябры клуба “Жалезны воўк” здымаліся ў кіно не ўпершыню. Так, яны прымалі ўдзел у здымках знакамітага “Начнога дазору”.