Замест мітынгу ў Воршы пройдзе футбольны матч
Аршанскі гарвыканкам ня даў дазволу на мітынг, які меркавалі правесьці 30-га верасня прыхільнікі экс-канндыдата Аляксандра Мілінкевіча.
Заяву ў гарвыканкам падавалі кіраўнік аршанскага штабу экс-кандыдата на прэзыдэнта Васіль Леўчанкаў і старшыня гарадзкой арганізацыі Партыі БНФ Алесь Шутаў. Нягледзячы на тое, што арганізатары акцыі збіраліся правесці яе ў ў адмыслова вызначаным гарвыканкамам месцы -- на гарадскім стадыёне, Алесь Шутаў атрымаў ад уладаў пісьмовую адмову.
У афіцыйным лісце за подпісам намесніка старшыні гарвыканкаму Саксонава напісана, што якраз 30-га верасня і менавіта ў той час, на які быў запланаваны мітынг, на гарадзкім стадыёне будзе праходзіць дужа адказны футбольны матч. Таму “не выяўляецца магчымым сумяшчэнне мітынгу і спартовае імпрэзы, і аршанскі гарвыканкам забараняе правядзенне мітынгу на гарадзкім стадыёне 30-га верасня.”
Перад тым, як падаваць заяўку ў гарвыканкам, аргнізатары адмыслова пацікавіліся, ці не плянуюцца на стадыёне якія-небудзь спартовыя імпрэзы. На думку спадара Шутава, яны й не былі запланаваныя да таго моманту, пакуль гарадскія ўлады не даведаліся пра магчымы ўдзел у імпрэзе Аляксандра Мілінкевіча.