Аблвыканкам забараніў правядзенне ў Віцебску мітынгу партыі БНФ з удзелам Мілінкевіча
Віцебскі аблвыканкам забараніў мітынг “За незалежнасць Беларусі” з удзелам у ім былога кандыдата ў прэзідэнты Аляксандра Мілінкевіча, які 29 верасня планавалі правесці актывісты абласной арганізацыі партыі БНФ. Пра гэта паведаміў яе старшыня Кастусь Смолікаў.
«Мы збіраліся зладзіць мітынг у адмыслова прызначаным мясцовымі ўладамі месцы – парку імя 30-годдзя ВЛКСМ. Падалі заяву на дазвол акцыі на імя старшыні аблвыканкама Уладзіміра Андрэйчанкі, дзе ўказвалася, што на мітынг, куды запрошаны Мілінкевіч, можа прыйсці да 1000 чалавек. Аднак учора па тэлефоне я даведаўся, што наша заяўка не будзе задаволена. Супрацоўнік упраўлення ідэалагічнай працы аблвыканкама Пётр Гнуценка патлумачыў, што да пісьмовай заявы патрэбна было прыкласці згоду на правядзенне акцыі ад нашага кіруючага органа – сойма партыі. Такое патрабаванне нам прад’явілі ўпершыню, і яно, як сказалі нам юрысты, не з’яўляецца законным. Апроч таго, у аблвыканкаме лічаць, што мы не здолеем забяспечыць падчас акцыі ахову правапарадку, а пры неабходнасці – медыцынскую дапамогу, а таксама ўборку парка пасля мітынгу», – распавёў К.Смолікаў.
На яго думку, падобная матывіроўка адмовы будзе і ў афіцыйным лісце з аблвыканкама, які ён павінен атрымаць сёння.
Нагадаем, што ў Воршы таксама забаронены агульнагарадскі мітынг з удзелам Мілінкевіча, які 30 верасня на гарадскім стадыёне збіраліся правесці актывісты партыі БНФ. Арганізатары акцыі атрымалі ліст з Аршанскага гарвыканкама, дзе паведамлялася, што якраз у гэты дзень і ў той жа самы час, на які запланаваны мітынг, на стадыёне пройдзе футбольны матч.