Прэзідэнт Беларусі А.Лукашэнка правядзе сёння, 29 верасня, прэс-канферэнцыю для прадстаўнікоў сродкаў масавай інфармацыі з рэгіёнаў Расіі.
Прамая трансляцыя прэс-канферэнцыі пачнецца ў 12 гадзін па Першаму нацыянальнаму каналу Беларускага радыё. Тэлеверсія будзе паказана па ўсіх беларускіх тэлевізійных каналах у 21 гадзіну.
Назаўтра-паслязаўтра пасля падобных сустрэч прэзідэнта з расійскімі журналістамі, якія ладзяцца штогод, усе дзяржаўныя рэспубліканскія газеты змяшчаюць поўны тэкст прэс-канферэнцыі. Як правіла, на 8-10 старонак – прэзідэнт любіць пагаварыць з прыемнымі людзьмі. Часта там можна прачытаць вельмі цікавыя рэчы. А яшчэ можна наперад ісці ў заклад: які-небудзь расійскі журналіст абавязкова скажа прэзідэнту камплімент накшталт: “Беларусь – это такая удивительная, маленькая страна с такими замечатльными гостеприимными людьми. У вас такие чистые улицы в городах...”