Народные новости Витебска

А.Лукашэнка: “Дай Божа, каб у мяне заўсёды была такая апазіцыя, як зараз”

На прэс-канферэнцыі для журналістаў рэгіянальных СМІ Расіі 29 верасня А. Лукашэнка заявіў: “Дай Божа, каб заўсёды была такая апазіцыя ў Лукашэнкі, як зараз”. “Як бы яны мне не падабаліся – яны нашы людзі, людзі той дзяржавы, дзе я з’яўляюся кіраўніком. Шмат мы ім падказваем, як трэба лепей зрабіць”, – прызнаўся  прэзідэнт.
Яшчэ А.Лукашэнка заявіў, што не дасць апазіцыянерам нагоды стаць героямі барацьбы за незалежнасць: “Нашы апаненты, апазіцыя так званая, яны спяць і бачаць сябе ў нацыянальна-вызваленчай вайне героямі. Як толькі Беларусь пойдзе на ўключэнне ў склад Расіі, тут будзе горш, чым у Чачне. Я ўжо казаў пра гэта кіраўніцтву Расіі. На гэта грошы нашым, і тым, якія сюды прыедуць з Грузіі, Расіі, Украіны, Польшчы, Прыбалтыкі (яны ўжо гатовы прыехаць сюды са зброей) пад гэта грошы дадуць, і ведаеце хто”, – сказаў прэзідэнт. Пры гэтым ён адзначыў, што падчас мінулай выбарчай кампаніі “мы адсякалі іх на мяжы”.
Па словах беларускага лідэра, у якасці альтэрнатывы яму ў Беларусі выступаюць тыя, хто прыйшоў з ім да ўлады:  “Гэта былыя, якія былі з Лукашэнкам, і збеглі, гэта з нацыяналістычнага “атрэб’я” выхадцы і літаральна некалькі дзесяткаў чалавек, што прымкнулі да іх”.
Паводле Лукашэнкі, напярэдадні выбараў і Мілінкевіч, і Казулін выступалі за цесныя адносіны з Расіяй, а цяпер сталі празаходнімі людзьмі, якія не ўспрымаюць Расію.
Лукашэнка таксама сказаў, што арганізатары намётавага лагеру на Кастрычніцкай плошчы нібыта прасілі ва ўлады даць ім магчымасць “захаваць твар”, але потым пачалі кіравацца ўказаннямі Хавіера Саляны.