Забягайлаўка стане рэспектабельнай кавярняй
Усе віцябчане ведаюць кавярню “Бульбяная”, што побач з “сінім домам”, і, напэўна, заўважылі, што зараз тут вядзецца рэканструкцыя. Калі раней кафэ было больш падобным на забягайлаўку, дзе прадавалі таннае “чарніла” на разліў, то зараз яно абяцае ператварыцца ў цалкам прыстойную ўстанову харчавання.
Пасля рамонту тут усталююць сучаснае абсталяванне. Папрыгажэе інтэр’ер, зменіцца рэжым працы. У выніку, як абяцае кіраўніцтва ААТ “Вітміл”, якому і належыць кавярня, статус “Бульбянай” сярод падобных устаноў грамадскага харчавання, намнога падвысіцца. Магчыма, ужо ў канцы кастрычніка ў абноўленай “Бульбянай” можна будзе паласавацца яе фірмовай стравай – дранікамі са смятанай.