На “Дажынкі” ухлопалі 200 мільярдаў рублёў
На падрыхтоўку да фэсту “Дажынкі”, якія пройдуць 7 кастрычніка ў Бабруйску, выдаткавалі болей за 200 мільярдаў рублёў. Пра гэта паведаміла БТ. Грошы пайшлі на рамонт будынкаў, дарогаў і ходнікаў, пасадку дрэваў і кветак.
Зараз у Бабруйску завяршаецца мантаж сцэны на галоўнай канцэртнай пляцоўцы. Глядзельная зала разлічана на 2,5 тысячы месцаў. Усяго ж на свята чакаецца каля 10 тысяч гасцей.
Канал БТ паведаміў, што плошча Леніна ў Бабруйску – нібыта адна з самых вялікіх у Еўропе, і святочную дзею змогуць пабачыць і пачуць дзеясяткі тысяч чалавек.
Абласная вертыкаль запэўніла журналістаў, што чуткі пра спецыяльную сістэму прапускоў на “Дажынкі” перабольшаныя: Бабруйск будзе адкрыты для ўсіх жадаючых. Для тых, хто будзе на машыне, нават абсталявалі 9 бясплатных ахоўваемых парковак. Сам Бабруйск не пазнаць. Мясцовыя чыноўнікі кажуць, што зрабілі нават тое, што зусім не планавалі, і рапартуюць аб поўнай гатоўнасці да свята.