У Віцебску скончылася вакцына супраць шаленства
Шаленства невылечнае і заўсёды заканчваецца смерцю хворага. Дзеля таго каб пазбегнуць захворвання чалавек, якога пакусала падазроная на шаленства жывёла, павінен прайсці курс прышчэпак адмысловай вакцыны.
Пра тое, што ў Віцебску такая вакцына адсутнічае “Народным навінам Віцебска” паведаміў малады жыхар нашага горада, якога пакусаў сабака.
— Прышчэпкі я атрымліваю ў траўмапункце па вуліцы Фрунзе, што каля пункта пералівання крыві. Чарговую прышчэпку павінны былі рабіць 9 кастрычніка. Прыйшоў, а мне кажуць, што вакцыны няма ва ўсёй Беларусі. Зайдзіце пазней. Прыйшоў 10 кастрычніка — вакцыны зноў няма. У рэшце рэшт сказалі: “У Віцебскай вобласці вакцыны няма, тэлефануйце праз тыдзень, можа давязуць”.
Адсутнасць вакцыны вядзе да зрыву графіка вакцынацыі. Гэта пагражае інфіцыраванаму вельмі дрэннымі наступствамі. Пасля выяўлення шаленства чалавеку, звычайна, застаецца жыць 7-10 дзён.