На Віцебшчыне пройдуць акцыі супраць сексуальнага і працоўнага рабства людзей
Віцебская абласная арганізацыя грамадскага аб’яднання «Беларускае таварыства Чырвонага Крыжа» ініцыявала стварэнне інфармацыйных мабільных брыгад валанцёраў, якія будуць ездзіць па райцэнтрах вобласці і праводзіць акцыі супраць сексуальнага і працоўнага рабства людзей. Першая такая акцыя пройдзе сёння ў Доме культуры ў Гарадку. У валанцёрскія брыгады, акрамя прадстаўнікоў Чырвонага Крыжа, увайшлі студэнты віцебскіх вучылішча мастацтваў і музычнага вучылішча. У займальнай форме яны будуць распавядаць жыхарам невялікіх гарадоў вобласці аб праблеме гандлю людзьмі, маштабах трафікінга ў Беларусі.
«Гэта будуць зусім нясумныя і ў той жа час павучальныя акцыі, на якія мы запрашаем усіх жадаючых. Валанцёры будуць праводзіць лекцыі, раздаваць спецыяльную літаратуру, а таксама паказваць на сцэне тэатральна-музычныя нумары. Гэтыя сцэнкі праілюструюць сітуацыі, у якія можа трапіць чалавек, які стаў ахвярай сексуальных гандляроў, ці той, які апынуўся ў лапах нелегальных фірмаў па працаўладкаванні”, – распавяла старшыня Першамайскай раённай арганізацыі Віцебска ГА “Беларускае таварыства Чырвонага Крыжа” Валянціна Галалюк.
Наступная акцыя павінна прайсці Верхнедзвінску. Затым валанцёры плануюць наведаць іншыя райцэнтры Віцебшчыны, дзе маюцца так званыя групы рызыкі – беспрацоўная моладзь, якая часта адгукаецца на рызыкоўныя прапановы паехаць працаваць за мяжу.