На Браслаўшчыне праходзіць пленэр, прысвечаны вядомаму беларускаму мастаку XIX стагоддзя Івану Хруцкаму. У ім прымаюць удзел майстры жывапісу Пётр Явіч, Васіль Ціханенка з Віцебска, Віктар Круг з Шаркаўшчыны, Стэфан Баркоўскі з Браслава, Сяргей Прывада з Полацка і інш. Сёлета гэта ўжо пяты пленэр ў гонар мастака, які працаваў у жанры нацюрморта, партрэта, пейзажа. І.Хруцкі нарадзіўся ў Уле Бешанковічскага раёна, скончыў факультэт свабодных мастацтваў Полацкага калегіюму, затым Пецярбургскую акадэмію мастацтваў. Некаторыя з ягоных твораў захоўваюцца ў фондах Віцебскага мастацкага музея.
Пленэр арганізавала Віцебскае абласное аддзяленне Саюза мастакоў Беларусі пры падтрымцы упраўлення культуры аблвыканкама.