Павел Красоўскі выйшаў на волю (падрабязнасці)
Учора, адразу пасля вызвалення з віцебскага ізалятара часовага ўтрымання, моладзевы актывіст Павел Красоўскі паехаў дадому – у Жодзіна. Дахаты ён прыехаў позна ўвечары. Паколькі сваякі доўгі час не мелі магчымасці перадаць яму цёплыя рэчы, у ізалятары хлопец схапіў моўную прастуду.
“У яго вельмі моцны кашаль, і я тэрмінова збіраюся паказаць сына ўрачу. Разам з ім у ізалятары знаходзіліся розныя людзі. І адзін з іх, падобна, хварэў на туберкулёз. Акрамя таго, у тым ізалятары вялікая вільгаць, дрэннае святло і смурод. Я вельмі перажываю за сынава здароўе, і дзеля супакаення – ці мала што – трэба абавязкова праверыцца ў медыкаў”, – распавяла Паўлава маці Тамара Канстанцінаўна.
Яна сказала, што пра Віцебск у сына, канешне, застануцца не самыя лепшыя ўспаміны. Але падзякавала ўсіх віцябчан, якія ў гэтыя дні аказвалі іхняй сям’і падтрымку і дапамогу. Па яе словах, Паўлу пакуль не вярнулі пашпарт і адзін з мабільных тэлефонаў. Другі мабільнік знаходзіцца ў адваката. “Але самае галоўнае, што Павел дома, з намі”, – дадала яна.
Як паведаміў адвакат Красоўскага Павел Сапелка, следства ў адносінах да жодзінскага актывіста яшчэ не скончылася. “Следчыя не знайшлі доказаў, каб выставіць Красоўскаму абвінавачанне, і яго адпусцілі ў сувязі са сканчэннем максімальнага тэрміна затрымання ў якасці падазронага”, – патлумачыў абаронца.