Рэдактары пяці беларускіх недзяржаўных выданняў рыхтуюць адкрыты ліст прэзідэнту Беларусі Аляксандру Лукашэнку. Яны хочуць даведацца, чаму іх газетам не дазваляюць друкавацца на тэрыторыі Беларусі. Пад лістом падпішуцца кіраўнікі газет “Народная Воля”, “Борисовские новости”, “Товарищ”, “Белорусы и рынок”, “Витебский курьер”.Папярэдне яны пісалі такі самы ліст, але атрымалі адпіску з Міністэрства інфармацыі, паведамляе “Еўрапейскае радыё для Беларусі”. Рэдактар “Народнай Волі” Іосіф Сярэдзіч распавядае: “Вы бачыце, што Міністэрства інфармацыі ня мае права, так сказаць, раіць альбо прымушаць падпісваць дамовы з рэдакцыямі недзяржаўных газет – скажам, тую ж друкарню, “Саюздрук”, абласны “Саюздрук” і іншыя падведамасныя структуры. Калі скасаваць дамоўленасці з намі, дык яны далі даручэнне – і тыя на працягу адной гадзіны выканалі! Таму мы зараз звяртаемся яшчэ з адным лістом. Нам цікава ведаць, па-першае, ці быў уручаны гэты ліст спадару Лукашэнку. Ці нейкую рэзалюцыю ўчыняў ён? Ці не ўчыняў навогул? І хто стаіць за гэтым адказам, які падпісала спадарыня Ананіч”.