Выстава былога віцебскага мастака пройдзе ў Тэль-Авіве
19 кастрычніка ў Тэль-Авіве (Ізраіль) адчыніцца незвычайная выстава-продаж карцін. Яе арыгінальнасць у тым, што ніводная з прац не будзе падпісана. Такім чынам наведвальнікі змогуць засяродзіць сваю ўвагу ўласна на творах мастацтва, а не на імёнах мастакоў. У экспазіцыі прадставяць свае працы вядомыя ў Ізраілі і за яго межамі мастакі. Сярод іх і былы жыхар Віцебска – Якаў Фельдман.
Я.Фельдман нарадзіўся ў 1969 г. у Беларусі. У 1987 г. ён скончыў Віцебскае вучылішча мастацтваў, затым тэхналагічны універсітэт. Карціны Фельдмана выстаўляліся ў Віцебску, Санкт-Пецярбурзе і Маскве. У 1990 г. мастак репатрыіраваўся ў Ізраіль. З таго часу яго персанальныя выставы праходзілі ў Рэхавоце, Іерусаліме, Парыжы, Лондане, Амстердаме, Санта Фе (ЗША) і іншых гарадах свету. Я.Фельдман удзельнічаў і ў буйных калектыўных выставах у Тэль-Авіве, Іерусаліме, Лос-Анджалесе, Парыжы, Гаазе.
Мэта выставы, на якой не будзе падпісаных карцін, – дапамагчы мастакам-пачаткоўцам, а таксама творцам, якія пакутваюць на псіхічныя расстройствы. Усе прыбыткі ад продажу карцін пойдуць мастакам.