Віцебскія школьнікі ўзабраліся на Парнас шляхамі Тараса

Нядаўна настаўнікі і вучні 11-ці школ Віцебска прайшлі “Шляхамі Тараса”. Гэтак называецца літаратурная экскурсія-экспедыцыя па маршруту Віцебск – Мазалава – Гарадок – Астраўляны, прысвечаная знакамітай паэме “Тарас на Парнасе”. Адметна, што экспедыцыя праходзіла па дарозе, па якой, магчыма, ехалі ў Віцебск Гогаль і Пушкін.

Напачатку свайго шляху вучні азнаёміліся з экпазіцыяй, прысвечанай помніку беларускага пісьменства 19-га стагоддзя і меркаванаму аўтару паэмы, ураджэнцу Гарадоччыны Канстанціну Вераніцыну. Затым наведалі Мазалава, дзе на пачатку гэтага ж стагоддзя ў сядзібе Мілае жыў віцэ-губернатар Віцебска, літаратар Ігнацій Манькоўскі. Пасля завіталі ў Гарадоцкі краязнаўчы музей, які становіцца цэнтрам тарасазнаўства, месцам правядзення навуковых канферэнцый па гэтай тэме. І, ўрэшце, пабывалі на радзіме К.Вераніцына ў Астраўлянах.

Экскурсію, якая стала цікавым і жывым урокам па гісторыі роднай літаратуры, распрацавалі дырэктар Віцебскага літаратурнага музея Святлана Казлова і супрацоўніца фірмы “Патрыёт-тур” Ірына Баброва. Апрабавалі яны праект летась, а сёлета ажыццявілі разам з метадычным аб’яднаннем настаўнікаў-беларусазнаўцаў Чыгуначнага раёна Віцебска (кіраўнік Людміла Амбразевіч).

Меткі:

Чытайце яшчэ