Створаны абласная і гарадская выбарчыя камісіі па выбарах у мясцовыя Саветы
Чарговая выбарчая кампанія – па выбарах у мясцовыя Саветы самакіравання – стартавала ў краіне з 16 кастрычніка. Ужо завершылася вылучэнне прадстаўнікоў у тэрытарыяльныя выбарчыя камісіі, і ў чацвер, 19 кастрычніка, былі створаны абласны і гарадкі выбаркамы. Адметна, што ў складзе і абласной, і гарадской выбарчых камісій аднолькавая колькасць сябраў – па 13 чалавек. Ніводнага прадстаўніка дэмакратычнай апазіцыі ў іх няма.
Старшынём абласной камісіі прызначаны начальнік аддзела па архівах і справаводстве аблвыканкама Міхаіл Пішчулёнак (вылучаны ад грамадзян шлязам збору подпісаў). Яго намеснік – Генадзь Русецкі, старшыня абласнога камітэта прафсаюза работнікаў лесу. Усяго ў складзе абласной выбарчай камісіі будуць працаваць 3 прадстаўнікі працоўных калектываў, 4 чалавекі, дэлегаваныя шляхам збору подпісаў, 4 прадстаўнікі грамадскіх аб’яднанняў (Людміла Капранава – БРСМ; Альберт Каралеў – абласны саюз наймальнікаў; Леанід Мацкевіч – Беларускае аб’яднанне ветэранаў; Генадзь Русецкі – прафсаюз работнікаў лесу) і 2 прадстаўнікі палітычных партый – Уладзімір Міхайлаў (ад Ліберальна-дэмакратычнай партыі) і Святлана Станкевіч (ад Камуністычнай партыі Беларусі). Заўважым, што гэтыя палітычныя партыі лаяльныя да ўлады.
Што тычыцца гарадской выбарчай камісіі, то ў яе складзе ўвогуле няма прадстаўнікоў палітычных партый. Сюды ўвайшлі 4 чалавекі, вылучаныя грамадзянамі шляхам збору подпісаў, 6 чалавек ад працоўных калектываў горада і 3 прадстаўнікі ад грамадскіх аб’яднанняў (пенсіянерка Лідзія Балесная – гарадскі савет жанчын; Уладзімір Зараўчацкі – гарадскі савет грамадскага аб’яднання ветэранаў; Таццяна Ігнаткова – БРСМ).
У Віцебскай вобласці сфармаваны 60 акругаў (30 у Віцебску і ў гарадах абласнога падпарадкавання Орша, Полацк, Наваполацк і столькі ж – у сельскіх раёнах). Нагадаем, што беларускія выбарцы прагаласуюць за кандыдатаў у дэпутаты мясцовых Саветаў дэпутатаў 25-га склікання 14 студзеня 2007 года.