У Полацку скончыўся 16-ты фестываль “Рок-Кола-2006". Журы конкурса маладых рок-выканаўцаў, дарэчы, у склад якога ўваходзіў намеснік дырэктара Віцебскага філіяла “МТС” Уладзіслаў Андрэйчанка, сын губернатара вобласці, вызначыла ўладальніка Гран-пры фестываля – смаленскі гурт “Deimos”.
Гурт прадставіў шырокі дыяпазон стылізацый: ад дарк-вэйва да грайндкора. А яшчэ ў смалян былі ўласныя тэксты касмічна-міфалагічнагу зместу на англійскай мове. Зараз “Deimos” працуе над сваім другім альбомам, які стане своеасаблівым музычным падарожжам па Сонечнай сістэме – ад Сонца да Плутона, уключаючы спадарожнікі Месяц, Дэймас і Харон. Электронны саўнд “Deimos” аматары рока змогуць пачуць на фэсце «Вольнае паветра-2» налета. Прама са сцэны “Рок-Кола” іх туды запрасіў Піт Паўлаў.
Першае месца заняў магілёўскі гурт “Vodar susviet”, які паспяхова спалучае хард-рок з любоўнай лірыкай. Другое месца – у гурта “Амальгама” з Наваполацку (яе, дарэчы, запрасілі на фэст «Рок за Баброў»), трэцяе – у S.D.M. з Мінску. Былі названыя таксама лепшы гітарыст – Юры Міхайлаў (“Deimos”); лепшы бас-гітарыст – Ігар Галавачоў (Primus inter Pares, Наваполацк); лепшы бубнач – Антон Лявых (Skynet, Бабруйск); лепшы вакаліст – Ігар Бараўкоў (“Амальгама”).
Як мы ўжо паведамлялі, сенсацыяй сёлетняга “Рок-Кола” стаў удзел у гала-канцэрце К.Кінчава і гурта “Аліса”. Канстанцін хацеў пабачыць Полацк і ягоныя храмы, і яго мара здзейснілася. Сустрэўся ён і з архіепіскапам Глыбоцкім і Полацкім Феадосіям, які, між іншым, аказаў падтрымку фестывалю.
Карэспандэнт газеты піша пра Кінчава: “Зорка расейскага року быў нешматслоўны, але выказаў тактоўную цікавасьць да беларускай музыкі і набыў дыск «Крамбамбулі» і «Крамы». Выявілася, што памятае Варашкевіча яшчэ з маскоўскага фэсту «Пакаленьне». Нягледзячы на фантастычныя для Полацка кошты на квіткі (25000 руб.), заля была перапоўненая. Паглядзець на «Алісу» прыйшлі нават Лера Сом і Аляксей Янукевіч. Праўда што апошні пасьля аднаго з баявых клічаў Кінчава «Здравствуй, Русь» пайшоў з залі. Бяз гэтага патасу «Аліса» сапраўды гучыць смачна, актуальна, але безыдэйна, як для беларусаў). На маё пытаньне, чаму б не прывесьці амаль за тыя ж грошы «Акеан Эльзы» ці «Здоб шы здуб», Аніса шчыра прызнаецца: «Мы з Кінчавым жылі адным жыцьцём. Зьдзейсьнілася мая мара, якую меў з 1986 году, – «Аліса» ў Полацку! Наступнымі будуць AC/DC», – напаўсур’ёзна сканчвае Сяргей. «Аліса» цалкам закрыла сабой другі дзень фэстывалю, у які плянаваўся яшчэ і гала-канцэрт пераможцаў «Рок-Кола-2006». Склалася папросту безвыходная сытуацыя: перад «Алісай» яны не маглі сыграць, каб не «папсаваць» настройку апарата, зробленую пад расейцаў, а пасьля – таксама, бо выпадала чакаць з гадзіну наладкі таго ж аппарату”.