Турыстам з Расіі падабаюцца беларускамоўныя экскурсіі

У Полацкім музеі беларускага кнігадрукавання за год бывае каля 70 тысяч экскурсій. І малыя, і дарослыя наведвальнікі добра ўспрымаюць беларускамоўныя расповеды экскурсаводаў. Часам экскурсіі па-беларуску замаўляюць нават турысты з Расіі.

Пра такія прыемныя моманты сваёй працы распавяла карэспандэнту абласной газеты "Народнае слова" вядучы навуковы супрацоўнік музея Ірына Шупенька. Між іншым, Ірына Аляксандраўна прызнаная лепшым на Віцебшчыне музейным работнікам. За высокія творчыя дасягненні ў галіне культуры і мастацтва яна атрымала першую прэмію ў адпаведнай намінацыі па выніках абласнога конкурса.

Па яе словах, наведвальнікаў вельмі ўражвае скульптура "Прысвячэнне роднаму слову", падораная музею мастаком Паўлам Вайніцкім. Знаёмствам з ёю звычайна завяршаюцца экскурсіі. Скульптура адлюстроўвае розныя перыяды развіцця беларускай мовы. Яна паўстае ў вобразе жанчыны з тварам, адна палова якога прыгожая, а другая - знявечаная.

"Бывалі такія часы, калі на нашай мове забаранялася гаварыць і друкаваць кнігі, а як яна будзе развівацца надалей - залежыць ад кожнага з нас", - кажа Ірына Шупенька. Простыя, але вельмі слушныя словы...

І.Шупенька не толькі праводзіць экскурсіі, але і вучыць маленькіх беларусікаў. Разам з імі яна стварае самаробныя рукапісныя кнігі, выкладае сапраўднымі друкарскімі літарамі па ўсіх друкарскіх правілах (справа налева) крылатыя выразы. У майстэрні перапішчыка дзеці любяць выводзіць сваё імя сапраўдным гусіным пяром, а ў Скарынаўскай зале з цікавасцю вывучаюць распарадак дня свайго земляка падчас яго навучання ў Кракаўскім універсітэце: пад'ём - а чацвёртай раніцы, з 6 да 11 лекцыі, потым сняданак і семінарскія заняткі да пяці вечара.

Ірына Шупенька - дасведчаны навукоўца. Яна апрацавала і склала каталог "Сямейны архіў Дэйнісаў". Зараз займаецца дасладаваннем тэмы "Лаціна-польскае кнігадрукаванне Беларусі 16-18 стагоддзяў". Менавіта яна распрацавала навуковую канцэпцыю і правяла адбор экспанатаў для выставы "Скарбы беларускага кнігадрукавання", якая прайшла сёлета на Дні беларускага пісьменства ў Паставах.

 

Меткі: , ,

Чытайце яшчэ