Народные новости Витебска

Знакаміты «Балет Евгения Панфилова» у Віцебск на сёлетні IFMC не прыедзе

У Віцебску з 22 па 26 лістапада пройдзе ХІХ Міжнародны фестываль сучаснай харэаграфіі (IFMC). З гэтай нагоды сёння ў КДЦ “Віцебск” прайшла прэс-канферэнцыя.

Пра свой удзел у конкурснай праграме заявілі 50 калектываў з розных краін. Але пасля досыць жорсткага адбору ў Віцебск запрасілі толькі 26 з іх. Гэта ансамблі, тэатры і студыі танцу з Беларусі, Расіі, Польшчы, Малдовы, Украіны, Літвы, Эстоніі, Казахстану, Кітая, Германіі, Швейцарыі. Нашу краіну прадставяць: студыя сучаснай харэаграфіі Дзіяны Юрчанка і студыя сучаснага танца «Паралелі» (Віцебск), праект Вольгі Лабоўкінай і група сучаснай харэаграфіі «Тад» (Гродно), ансамбль кафедры харэаграфіі Беларускага дзяржаўнага універсітэта культуры і мастацтва і калектыў «D.O.Z.C.K.I» (Мінск).

Сёлета на IFMC не будзе ўдзельнічаць знакаміты  і вельмі любімы віцебскімі гледачамі Дзяржаўны тэатр «Балет Евгения Панфилова» – ён знаходзіцца на гастролях у Германіі. Аднак арганізатары абяцаюць, што віцябчанам спадабаюцца выступленні гасцей фестывалю – «Эксцентрик-балета» Сяргея Смірнова з Екацерынбурга і швейцарскага тэатра «Tactus», дзе толькі два выканаўцы.

Конкурс удзельнікаў пройдзе 25 лістапада, а на наступны дзень на гала-канцэрце ўзнагародзяць лаўрэатаў.  Апроч таго, на фестывалі пройдуць майстар-класы харэографаў, а таксама выставы фотамастакоў Ігара Гусакова (Віцебск) і Уладзіміра Лупаўскога (Масква).