У Полацку пачаўся фестываль “Званы Сафіі”
У канцэртнай залі полацкага Сафійскага сабора сёння, 5 лістапада, пачаўся традыцыйны, ужо адзінаццаты па ліку, Міжнародны фестываль арганнай музыкі “Званы Сафіі”. Напарацягу ўсяго лістапада, у асноўным па выходных, аматары класічнай музыкі пачуюць сусветна вядомых выканаўцаў.
Адкрые сёлетняе свята музыкі польскі арганіст, прафесар Гданьскай акадэміі і кіраўнік Гданьскай філармоніі Раман Перуцкі, які выканае творы вядомых італьянскіх кампазітараў 14-19 стагоддзяў. У фестывальных канцэртах таксама возьме ўдзел арганістка з Латвіі Ларыса Булава, якая разам з класікай пазнаёміць слухачоў з латвійскай арганнай музыкай. Лаўрэат міжнародных конкурсаў Кацярына Мельнікава з Масквы, прадставіць праграму “Вядомая музыка ў вядомых фільмах”. У выкананні Іаахіма Айхорна з Германіі і народнага моладзевага хора з Віцебска прагучыць “Арганная меса” Баха. На фестывалі таксама выступяць заслужаная артыстка Украіны Ірына Каліноўская і салістка канцэртнай залі Сафійскага сабора Ксенія Пагарэлая. Вядомая полацкая артыстка прадставіць сваю новую праграму “Рускі рамантычны арган” і выканае на аргане фартэпіянныя творы Барадзіна, Чайкоўскага, Шастаковіча.
Закрыецца фестываль “Званы Сафіі” 30 лістапада вечарынай старадаўняй музыкі.