Віцебскія камуністы па-ранейшаму ўпэўнены, што “справа Леніна будзе жыць вечна”
Сёння ў Віцебску каля помніка Леніну прайшоў мітынг, прымеркаваны да чарговай гадавіны Кастрычніцкай рэвалюцыі, які арганізавала абласная арганізацыя КПБ. Мерапрыемства зацікавіла каля 150 жыхароў горада, пераважна сталага ўзросту. Мітынг доўжыўся прыкладна 15 хвілін, за гэты час выступілі пяцёра прамоўцаў. Гукаўзмацняльная тэхніка працавала няякасна, і людзі, якія стаялі ў задніх шэрагах, скардзіліся, што прамоўцаў дрэнна чуваць.
У адрозненні ад папярэдніх гадоў, на мітынг прынеслі толькі тры сцягі: чырвоны, чырвона-зялёны і нейкі дзіўны сцяг з блакітным крыжам на белым полі, у цэнтры якога была чырвоная зорка з серпам і молатам. Пажылы мужчына, які трымаў яго, сказаў, што гэта сімволіка нейкага "Рускага навукова-сацыялістычнага руху".
Старшыня абласной арганізацыі КПБ Уладзімір Полаўцаў і першы сакратар гаркама БРСМ Павел Галавач выступілі на дзіва сцісла і коратка. Першы прамоўца выказаў спадзяванне, што "справа Леніна будзе жыць вечна", а другі адзначыў, што "моладзі патрэбна шанаваць гэта свята". Астатнія выступоўцы выказваліся больш працягла. У прыватнасці, прадстаўнік раённага камітэта КПБ Першамайскага раёна Віцебска Васіль Семянкоў сказаў: "В Советском Союзе произошли количественные и качественные изменения в жизни людей, но в результате предательского сговора беловежских зубров Шушкевича, Кравчука и Ельцина в 1991 году великая держава оказалась отброшенной на задворки мировой политики". Леанід Кучынскі, якога вядучая прадставіла сябрам бюро рэспубліканскай рады "За Союз и Коммунистическую партию Союза", паведаміў, што ў Мінску "самой популярной экскурсией является экскурсия по "Линии Сталина" і выказаў упэўненасць у тым, што "еще остались советские патриоты, которые верны Советскому Союзу и нашему президенту".
У канцы сходу арганізатары ўключылі музыку, і першай чамусьці загучала песня "День Победы". Адна з бабулек кінулася ў танцы. Сёлета віцебскія камуністы нічым не здзівілі журналістаў. А вось у мінулым годзе некалькі чалавек хадзілі па плошчы Леніна з партрэтамі Леніна, Сталіна і Лукашэнкі.