Сёння ў Віцебску міліцыя затрымала чатырох чалавек падчас акцыі на знак салідарнасці з палітвязнямі, іх сем’ямі і ўсімі, хто змагаецца за свабоду і дэмакратыю ў Беларусі. Сярод затрыманых быў журналіст “Радыё Рацыя” Вадзім Баршчэўскі.
На гэты раз акцыя праходзіла не на Успенскай горцы, як раней, а каля помніка Уладзіміру Караткевічу. Сюды прыйшлі ў асноўным маладзёны. Яны запалілі свечкі і збіраліся прасвяваць гімн “Магутны Божа”, як падыйшлі супрацоўнікі Кастрычніцкага РАУС на чале з намеснікам начальніка Аляксеем Шаховічам. Міліцыянты праверылі дакументы ў прысутных, а тых, у каго іх не было, папрасілі прайсці ў райаддзел для высвятлення асоб. Такім чынам у пастарунак трапілі старшыня абласной арганізацыі партыі БНФ Кастусь Смолікаў, праваабаронца Леанід Свецік, журналіст Вадзім Баршчэўскі і моладзевы актывіст Сцяпан Кудзянаў. Прыкладна праз паўгадзіны ўсіх адпусцілі без складання пратаколаў.