Народные новости Витебска

У Полацку распаўсюджвалі ўлёткі пра небяспеку сурагатнай гарэлкі

У Полацку праводзіцца шэраг мераў па барацьбе з атручваннем няякаснай гарэлкай. На прадпрыемствах і ў месцах масавага знаходжання гараджан распаўсюдзілі ўлёткі пра шкоду ўжывання спіртных напояў сумнеўнага паходжання. Інфармацыю на гэту тэму  штодзень паведамляюць мясцовыя радыё і тэлебачанне. У СМІ таксама агучылі прозвішчы 9 аштрафаваных палачан, якія займаліся вырабам і продажам спіртнога.

На тэрыторыі Віцебшчыны з 31 кастрычніка пачалася аперацыя “Акцыз”. У памежныя раёны дадаткова адкамандзіраваны супрацоўнікі і службовыя машыны. Перакрыты аб’яздныя дарогі, правяраюцца чыгуначныя станцыі і дызель-цягнікі. 1 лістапада супрацоўнікі Лёзненскага РАУС побач з вёскай Бабінавічы затрымалі два мікраўтобусы пад упраўленнем жыхароў Бабруйска. Адзін кіроўца перавозіў 1 280 літраў спіртаўтрымліваючай вадкасці, а другі – 4 160 літраў. А 3 лістапада супрацоўнікі Чыгуначнага РАУС Віцебска ў гаражы менэджэра будаўнічай кампаніі “Руст” знайшлі 1 330 літраў вадкасцяў “Кирюша” і “Бытовая”.

Па дадзеных УУС Віцебскага аблвыканкама, у Полацку з дыягназам “таксічны гепатыт” было шпіталізавана 25 чалавек, у Браславе – 16, у Міёрах – 7. Па факце атручвання грамадзян пракуратурамі Полацка і Браслава ўзбуджаны крымінальныя справы па артыкуле 155 (“Прычыненне цяжкага або менш цяжкага цялеснага пашкоджання па неасцярожнасці”). У кватэрах і дамах грамадзян, якіх падазраюць у рэалізацыі спіртных напояў, праводзяцца санкцыянаваныя пракурорамі вобшукі. Паводле газеты “Віцьбічы”.