Гэтым разам Міронаў сцяг узняўся над драмтэатрам
Сёння ў 21.30. над будынкам Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа ў Віцебску з’явіўся бел-чырвона-белы сцяг. 23 лістапада коласаўцы адзначаць 80-годдзе з дня заснавання тэатра. І, па словах віцебскага апазіцыянера Барыса Хамайды, да сцяга быў надпіс: “Віншую коласаўцаў з юбілеем! У гэты цяжкі для беларушчыны час захоўвайце нашу Мову-маці! Няхай жыве цудоўнае беларускае слова! Жыве Беларусь! Жыве вечна! Ваш удзячны глядач Мірон”.
Драмтэатр знаходзіцца ў цэнтры горада, перед мастом імя Кірава, праз які і ў позні час едзе мноства машын і грамадскі транспарт. Таму гістарычны штандар магло бачыць шмат людзей.
За апошнія два з паловай месяцы гэта ўжо чацвёрты выпадак, калі над Віцебскам з’яўляўся наш сцяг. Першы, вывешаны ў ноч з 8 на 9 верасня над Заходняй Дзвіной, быў прымацаваны да правадоў, расцягнутых паміж мастамі імя Блахіна і Кірава. Гэта было віншаванне Мірона са святам беларускай вайсковай славы. Другі раз сцяг убачылі ранкам 7 кастрычніка на даху дома №55 па вуліцы Леніна. У занатоўцы, прышпіленай да яго, Мірон напісаў: “Гістарычны сцяг надае нам моцы”. А пасля, 26 кастрычніка, штандар, хоць і лічаныя хвіліны, але лунаў над “сінім домам”, прымацаваны да да лічбы “9” у даце заснавання Віцебска (974 год). Тады Мірон напісаў: “Са сцягам Кастуся Каліноўскага мы пераможам!”