На Ушаччыне знойдзены першы франтавы ліст Васіля Быкава
На яго выпадкова натрапілі будаўнікі пры зносе хаты пісьменніка. Пасля яшчэ год ліст праляжаў у бардачку машыны аднаго з будаўнікоў, пакуль ён, нарэшце, не перадаў яго ўдаве брата пісьменніка – па сутнасці, галоўнай захавальніцы сядзібы-музея Васіля Быкава.
Як высветлілася, гэта самы першы ліст Васіля Быкава з фронту. Ліст на рускай мове, датаваны 2 красавіка 1944 году. Быкаву тады было 19 гадоў. Ліст вельмі кароткі – будучы пісьменнік не спадзяваўся, што ён дойдзе да бацькоў. Сын паведамляе, што жывы і ваюе. Цяпер гэтая рэліквія захоўваецца ў роднай пісьменніку вёсцы Бычкі, праўда, не экспануецца. Нягледзячы на тое, што Быкаўскаму музею ўжо больш за два гады, але дагэтуль там няма стэндаў, каб выстаўляць лісты Васіля Уладзіміравіча і фотаздымкі. Застаецца толькі спадзявацца, што і ўшацкія ўлады, і дырэктар музея заклапоцяцца, нарэшце, гэтым пытаннем, паколькі Васіль Быкаў – імя беларускай і сусветнай літаратуры. Круглы год ў Бычкі едуць сотні людзей, каб ушанаваць памяць аб вялікім пісьменніку. Паводле штотыднёвіка “Экспресс новости” і “Еўрапейскага радыё для Беларусі”.