Коласаўцы атрымалі ад прэзідэнта віншаванне з юбілеем – на рускай мове
Сёння ў Нацыянальным акадэмічным драматычным тэатры імя Якуба Коласа пройдуць урачыстасці з нагоды 80-годдзя з дня яго ўтварэння. З нагоды юбілею супрацоўнікі тэатра атрымалі віншаванне ад прэзідэнта краіны Аляксандра Лукашэнкі.
Віншаванне напісана па-руску. Як паведамляе БелТА, у прыватнасці, у ім гаворыцца: "Сегодня ваш коллектив находится в неустанном поиске, бережно сохраняет традиции и в то же время остается открытым для смелых экспериментов, творчески осваивает наследие мирового театра". Прэзідэнт пажадаў калектыву тэатра і надалей “радовать и волновать зрителей своим совершенным мастерством, так же плодотворно работать на пользу родной Беларуси”.
Адзначым, што сёння А.Лукашэнка правядзе прэс-канферэнцыю для прадстаўнікоў СМІ з Украіны. Раней такія сустрэчы традыцыйна ладзіліся для журналістаў Расіі. Для украінскіх журналістаў падобная прэс-канферэнцыя пройдзе ўпершыню, паведамляе БелТА. У прэс-туры па Беларусі, які праходзіць з 20 лістапада, бяруць удзел больш за 30 прадстаўнікоў СМІ з розных рэгіёнаў Украіны. Яны наведалі прадпрыемствы Гомельскай і Мінскай абласцей, Рэспубліканскі навукова-практычны цэнтр радыяцыйнай медыцыны і экалогіі чалавека, а таксама “Лінію Сталіна”.
Прамая трансляцыя прэс-канферэнцыі пачалася ў 12 гадзін па Першаму нацыянальнаму каналу Беларускага радыё. Тэлеверсія будзе паказана па беларускіх каналах у 21.00.