Сёння ў Віцебску ўшанавалі памяць Уладзіміра Караткевіча
Прадстаўнікі грамадскасці, творчай інтэлігенцыі і нават некалькі чалавек ад мясцовых уладаў 24 лістапада ўсклалі кветкі да помніка выбітнаму беларускаму пісьменніку Уладзіміру Караткевічу.
Сярод тых, хто прыйшоў да помніка літаратару напярэдадні ягонага дня нараджэння, якое адзначаецца 26 лістапада, былі віцебскі паэт Давід Сімановіч, старшыня абласной арганізацыі Таварыства беларускай мовы Іосіф Навумчык, загадчыца літаратурнай часткай тэатра імя Я.Коласа Святлана Дашкевіч, дырэктар Літаратурнага музея Святлана Казлова, супрацоўнік аддзела культуры гарвыканкама Ігар Баярынцаў і інш. Пасля ўскладання восеньскіх кветак да помніка пісьменніку з кароткай прамовай выступіў паэт Давід Сімановіч, які асабіста ведаў Уладзіміра Сямёнавіча.
Затым у бібліятэцы імя У.Караткевіча прайшла літаратурна-музычная вечарына, прысвечаная творцу, які сваім талентам абудзіў і працягвае абуджаць любоў да Бацькаўшчыны і роднай мовы ў сэрцах многіх і многіх беларусаў.