На Віцебшчыне прайшлі літаратурныя імпрэзы ў гонар паэта Анатоля Вярцінскага
У беларускім аддзеле Віцебскай абласной бібліятэкі аформілі выставу кніг і матэрыялаў, а ў многіх школах, ВНУ, культурных установах Віцебшчыны прайшлі вечарыны, прысвечаныя 75-годдзю з дня нараджэння нашага таленавітага земляка – ураджэнца вёсачкі Дзямешкава Лепельскага раёна – паэта Анатоля Вярцінскага.
“Паэзія нашага земляка вядома далёка ў свеце. Яго вершы перакладзены на рускую, украінскую, англійскую, літоўскую, латышскую, малдаўскую, балгарскую, польскую, славацкую і іншыя мовы... Яго вершы – гэта вечная сучаснасць. Дзякуючы ў многім А.Вярцінскаму на Беларусі ўзнялася новая хваля беларускага адраджэння, умацавання беларускай незалежнасці, дзяржаўнага суверэнітэту, міжнароднага аўтарытэту. І ў ХХІ стагоддзі многія чытачы звяртаюцца да творчай спадчыны паэта, каб пачэрпнуць сілу духу і творчую энергію для далейшых здзяйсненняў у імя беларускага народа”, – піша Кастусь Карнялюк, літаратурны аглядальнік газеты “Віцебскі кур’ер”.