Памежнікі спрабуюць перакласці віну за ўласную халатнасць на Мілінкевіча
Прэс-цэнтру Хартыі’97 сталі вядомыя чыннікі затрымання ў менскім аэрапорту лідэра дэмакратычных сіл Аляксандра Мілінкевіча. Высвятлілася, што, калі лідэр дэмакратычных сіл некалькі дзён таму ляцеў у Рыгу на саміт НАТА, то памыліўся і аддаў беларускім памежнікам не свой пашпарт, а пашпарт сына – таксама Аляксандра Мілінкевіча, але 1974 года нараджэння.
Пашпарт сына аказаўся ў Мілінкевіча выпадкова і ляжаў у адной кішэні з ягоным. Памежнікі па халатнасці не звярнулі ўвагі, што ўладальнік пашпарта на 25 гадоў старэйшы за адзначаны ў дакуменце ўзрост, што ў пашпарце адсутнічае латвійская віза, паставілі ў ім штамп. Аляксандр Мілінкевіч выявіў, што яму паставілі штамп у пашпарце сына толькі ў Рызе.
У выніку, Мілінкевіч быў затрыманы ў менскім аэрапарту. Памежнікі пачынаюць “высвятляць”, якім чынам Мілінкевіч апынуўся ў Рызе, бо ў яго пашпарце няма штампа аб выездзе з Беларусі. У чым будуць абвінавачваць лідэра апазіцыі пакуль невядома. Аднак, у дадзеным выпадку відавочная віна супрацоўнікаў памежслужбы, якія не праверылі належным чынам дакументы.
Нагадаем, што Мілінкевіч удзельнічаў у Рызе ў саміце НАТА па запрашэнні прэзідэнта Латвіі Вайры Віке-Фрэйбергі. Падчас саміту з ім сустракаўся прэзідэнт ЗША Джордж Буш.
Паводле Хартыі’97