Рэдакцыі «Витебского курьера» загадана ў 48 гадзін вызваліць памяшканне

Сёння ў першай палове дня рэдакцыя незалежнай грамадска-палітычнай газеты “Витебский курьер” атрымала пісьмовае распараджэнне ад свайго арэндадаўцы – ААТ “Элсан” – вызваліць займаемае памяшканне напрацягу двух сутак: да 12 гадзін 8 снежня.

У лісце паведамляецца, што дагавор арэнды памяшкання прызнаны несапраўдным, а ў дужках удаклядняецца – “ничтожным”. Да такога рашэння прыйшоў наглядальны савет прадпрыемства “Элсан”. Ліст падпісаны яго дырэктарам Дзмітрачэнка (па-руску ягоныя ініцыялы – В.Г.). У лісце таксама ўказана, што пры заключэнні дагавора арэнды былі дапушчаныя парушэнні заканадаўства, а менавіта: размяшчэнне рэдакцыі ў гэтым будынку не было ўзгоднена з адміністрацыяй Першамайскага раёна Віцебска, на тэрыторыі якога і знаходзіцца зараз “Витебский курьер”.

Галоўны рэдактар газеты Уладзімір Базан лічыць гэты загад “паліцэйскім” і супрацьзаконным: “Рэдакцыя не парушыла ніводнага пункту дагавора арэнды, тым больш, за такі непрацяглы час, што мы знаходзімся ў новым будынку пасля пераезду 20 кастрычніка. Мінула толькі паўтара месяца. І вось зараз зноў нам загадана, прычым, як у арміі, перадыслацыравацца ў 48 гадзін на новае месца. Але ўсё тлумачыцца проста: неўзабаве выбары, і ўлады хочуць пазбавіцца ад газеты”.

Раней, калі газету выганялі з былых памяшканняў (за год яна перажыла два пераезды), то ніколі не патрабавалі вызваліць памяшканне за такі кароткі тэрмін. На пераезд былыя гаспадары давалі досыць шмат часу. Здаецца, гэта ўвогуле прэцэдэнт у Беларусі: улады дасюль не абыходзіліся так жорстка ні з адным недзяржаўным выданнем.

Галоўны рэдактар не выключае, што а 12 гадзіне 8 снежня ў офісе газеты можа з’явіцца хто заўгодна з карных органаў.

Меткі: , , , ,

Чытайце яшчэ