Януковіч збіраецца адрадзіць вёску Янукі Віцебскай вобласці
Пад час свайго нядаўняга візіту прэм’ер-міністар Украіны быў засмучаны тым жахлівым станам, у якім знаходзіцца малая радзіма ўсіх Януковічаў. Цяпер у вёсцы Янукі жыве ўсяго некалькі чалавек, і разруха на бацькаўшчыне продкаў непрыемна ўразіла украінскага прэм’ера.
Візіт Віктара Януковіча адбыўся, калі украінцы адзначалі гадавіну “галадамору”, і магчыма гэтыя абставіны паўплывалі на яго рашэнне адрадзіць радавое паселішча.
Як паведамляе “Українська правда”, цяперашні прэм’ер-міністар Украіны плануе ператварыць Янукі ў сучасны катэджны пасёлак на 300 жыхароў. Каб забяспечыць працай будучых янукоўцаў пабудуюць міні-малакозавод (племянных кароў плануюць закупіць у данецкай аграфірме “Шахцёр”), склад для марожаных ягад.
Такім чынам Януковіч збіраецца даць вёсцы другое жыццё і хоча запрасіць пасяліцца ў Януках усіх Януковічаў з Беларусі і Украіны. Па ацэнкам экспертаў рэалізацыя такога праекту можа каштаваць 5 мільёнаў долараў ЗША.