Севярынец адзначыць дзень нараджэння на лесаўчастку
30 сьнежня палітыку Паўлу Севярынцу, які знаходзіцца на так званай “хіміі”, спаўняецца 30 гадоў. Паводле графіку, гэтым днём ён мусіў быць адпушчаны на адпачынак. Аднак камэндант Ветрынскай спэцкамэндатуры Ігар Дамуць падчас тэлефоннай размовы з маці асуджанага палітыка Тацянай Яўгенаўнай паведаміў, што ейнага сына адпусьцяць да хаты ў лепшым выпадку 31 сьнежня. Усе просьбы адпусьціць Паўла на дзень раней не далі плёну.
Паводле Тацяны Яўгенаўны, на дзень нараджэньня сына зьбіраліся прыехаць родныя і блізкія. Ёй не зразумелая падобная “прынцыповасьць” работнікаў камэндатуры, пагатоў у Паўла за ўвесь час знаходжаньня на “хіміі” не было парушэньняў рэжыму і працоўнай дысцыпліны.
Нагадаем, што Павал Севярынец быў асуджаны на 2 гады абмежаваньня волі за арганізацыю вулічных акцыяў пратэсту супраць фальсыфікацыі выбараў і рэфэрэндуму, і цяпер працуе на лесаўчастку на станцыі Алёшча Полацкага раёну. Працуе ён там ужо больш як 16 месяцаў.
Крыніца: “Радыё Свабода”