“Витебский курьер” высяляюць праз гаспадарчы суд
Акцыянэрнае таварыства "Элсан", у якога незалежная газэта арэндуе некалькі пакояў, зьвярнулася ў абласны гаспадарчы суд, каб выселіць рэдакцыю з памяшканьня.Назіральная рада прадпрыемства прызнала дамову пра арэнду несапраўднай, бо пры яе складаньні нібыта былі дапушчаныя парушэньні заканадаўства. У прыватнасьці, разьмяшчэньне рэдакцыі ў гэтым будынку не было ўзгоднена з адміністрацыяй Першамайскага раёна Віцебска, на тэрыторыі якога знаходзіцца ААТ "Элсан".
Загад пра высяленьне газэта атрымала 6-га сьнежня, аднак рэдактар Уладзімер Базан прыняў рашэньне застацца на месцы насуперак рашэньню акцыянэраў прадпрыемства, бо лічыць, што дамова правамоцная і мае тэрмін дзеяньня да 31-га жніўня 2007 году.
Абаронца Зьміцер Зіркацкі, які прадстаўляе інтарэсы газэты ў гаспадарчым судзе, даводзіў, што дазволу ў раённай адміністрацыі "Витебский курьер" прасіць ня мусіў, бо адпачатку ён быў зарэгістраваны ў гарвыканкаме ў якасьці гарадзкой газэты. Тады прадстаўнікі ААТ "Элсан" высунулі новы аргумэнт з мэтаю прызнаць дамову пра арэнду несапраўднай: юрыст прадпрыемства заявіў, што яго ўвялі ў зман, не папярэдзіўшы пра тое, што арэндаваныя памяшканьні будуць ня толькі офісам для рэдакцыі, але й юрыдычнай адрэсай.
Суд адкладзены да 5-га студзеня. Рэдактар газэты Ўладзімер Базан не выключае, што "Витебский курьер" будзе выселены з памяшканьня пад прымусам менавіта напярэдадні мясцовых выбараў. Ён пэўны, што гарадзкія ўлады зробяць усё, каб недзяржаўнае выданьне ня мела магчымасьці асьвятляць гэтую палітычную падзею.
Крыніца: “Радыё Свабода”