Віцебскага салдата-дэсантніка ўзнагародзілі за выратаванне тапельца, які кінуўся з маста ад няшчаснага кахання
Радавы 103-й мабільнай брыгады Павел Волкаў атрымаў узнагароду за выратаванне тапельца. Ганаровую грамату і наручны падводны гадзіннік, як у вадалазаў, уручылі Паўлу ад імя рэспубліканскай арганізацыі АСВОД ва ўрачыстай абстаноўцы – на ранішнім шыхтаванні ў брыгадзе, перад шэрагам саслужыўцаў.
Адважны салдат у той дзень, 13 жніўня, прыняў прысягу і атрымаў звальненне. На прысягу да Паўла з Мар’інай Горкі прыехалі браты. Маладыя людзі гулялі каля Дзвіны, калі заўважылі, што з Кіраўскага маста нечакана спрыгнуў чалавек. Павел адразу ж кінуўся на дапамогу тапельцу і выратаваў яго. Як пасля высветлілася, 43-гадовы мужчына вырашыў развітацца з жыццём з-за безадказнага кахання.
Адметна, што ў сям’і Волкавых ужо склалася сапраўдная традыцыя. У маладосці бацька Паўла таксама выратаваў чалавека і быў узнагароджаны медалём “За выратаванне тапельца”.