Дзеці-інваліды па зроку ў Віцебскай вобласці маюць праблемы з наведваннем школы

Сёння ў Віцебскай абласной арганізацыі ГА “БелТІЗ” прайшло святочнае навагодняе прадстаўленне для дзяцей-інвалідаў па зроку. Каля ўпрыгожанай ёлачкі Дзед Мароз і Снягурка ўручылі ім падарункі. На жаль, пасля арганізатары распавялі журналістам невясёлыя гісторыі пра тое, як жывецца невідушчым дзецям. Напрыклад, у Дубровенскім раёне жыве 13-гадовы сляпы хлопчык, які ніколі не наведваў школу.

Калядныя прэзенты для дзетак, якія не зусім добра бачаць, падрыхтавалі абласная арганізацыя ГА “Беларускае таварыства інвалідаў па зроку” і валанцёры адкрытага асветніцкага праекта “EuroUniver”.

На прэс-канферэнцыі, якая прайшла пасля святочнай праграмы, былі агучаны досыць істотныя праблемы. Так, па словах старшыні абласной арганізацыі грамадскага аб’яднання “БелТІЗ” Аляксандра Дубко, у Віцебску жыве 46 невідушчых дзяцей і падлеткаў ва ўзросце да 16 гадоў. І амаль усе яны маюць цяжкасці з атрыманнем адукацыі. Калі зусім маленькіх яшчэ ёсць магчымасць уладкаваць у дзіцячы садок №96, дзе для іх развіцця створаны пэўныя ўмовы, то школьнікі сутыкаюцца з сапраўднымі цяжкасцямі. Уявіце сабе дзіця, якое нават з першай парты не бачыць добра дошкі, не кажучы ўжо пра тое, што на ёй піша настаўнік. “Раней школа для дзяцей, якія слаба бачаць, існавала ў Езярышчы. Але пасля яе закрылі. І зараз у Віцебску і вобласці такой навучальнай установы няма. Праўда, ёсць школа для тых, хто дрэнна чуе. Таму ў Віцебску варта стварыць спецыяльную навучальную ўстанову для сляпых дзяцей і тых, у каго зрок вельмі слабы”, – лічыць А.Дубко. Падобная школа з вельмі добрымі ўмовамі ёсць у Шклове Магілёўскай вобласці, але дзяцей з Віцебшчыны туды вазіць далёка і фінансава складана.

Гэта праблема ў нашай вобласці паўстае досыць востра. У пацвярджэнне А.Дубко і прывёў жахлівы прыклад пра 13-гадовага сляпога хлопчыка з Дубровеншчыны, які ніколі не наведваў школу.

Меткі: , ,

Чытайце яшчэ