На “сінім доме” з’явілася мемарыяльная дошка ў гонар Ю.Пэна
Напярэдадні новага года, 30 снежня, на ружовай сцяне "сіняга дома" у Віцебску з'явіўся барэльеф першага настаўніка Марка Шагала - Юрыя Пэна і мемарыяльная дошка са словамі: "Мастак, педагог Ю.М.Пэн жыў і працаваў з 1897 па 1937 у доме на гэтым месцы".
На барэльефе Пэн трымае ў руках палітру, а над подпісам на дошцы абдымаюцца два галубкі. Гэта сімвал сям'і, якой у мастака ніколі не было. Пад словамі на дошцы стаіць подпіс: "Агікбел 2006". Гэта азначае скарочаныя імёны аўтараў - скульптараў Аляксандр Гвоздзікаў, Іван Казак, Аляксандр Бялоў. Кампазіцыя выканана ў новым для манументальнай скульптуры матэрыяле - ліціевым камяні (палімербетон ці штучны камень).
Гэтую дошку мясцовыя ўлады планавалі ўстанавіць да 150-годдзя мастака (ён нарадзіўся ў 1854 годзе ў горадзе Новааляксандраўску, зараз Зарасай у Літве). Але сродкаў на гэта тады не хапіла. А зараз жыхары Віцебска будуць ведаць, дзе жыў і тварыў настаўнік Шагала. Але калі адбудзецца афіцыйнае адкрыццё дошкі, пакуль невядома, гаворыць скульптар Аляксандр Гвоздзікаў.