Чытачы “Віцьбічаў” не спяшаюцца рабіць стаўкі, хто ж пераможа на выбарах

Мяркуючы па тым, што дзяржаўная гарадская газета “Віцьбічы”, якая перад Новым годам абвесціла конкурс на тэму: «Як пройдуць выбары? Хто стане дэпутатам?», зараз працягнула тэрмін удзелу у ім яшчэ на тры дні, можна зрабіць некалькі высноў.

30 снежня газета пісала, што правільныя адказы патрэбна дасылаць да 9 студзеня і дадавала, што лісты, якія прыйдуць пазней, разглядацца не будуць. У сённяшнім нумары “Віцьбічаў” пазначана, што апошні дзень – 12 студзеня.

Або для прыхільнікаў “Віцьбічаў” гэта занадта мудрагелістая галаваломка (хоць здагадацца няцяжка,  бо ў гарсавет на 40 месцаў прэтэндуюць усяго 47 кандыдатаў, і толькі ў 7 з 40 акругаў зарэгістраваны па два чалавекі). Або чытачы проста не дасылаюць лісты з адказамі: разумным людзям конкурс падаўся абсалютна бязглуздым, і яны не стануць траціць на яго свае інтэлектуальныя высілкі. Або арганізатары конкурсу самі пакуль дакладна не ведаюць вынікаў галасавання. Але гэта малаверагодна, бо мясцовыя ўлады, да якіх набліжаная адміністрацыя газеты, ужо даўно “спрагназавалі” вынікі выбараў.

Нагадаем, умовы конкурсу наступныя: “На ўчастках, дзе зарэгістраваны два кандыдаты, угадайце, каму выбаршчыкі аддадуць перавагу. На тых участках, дзе толькі адзін кандыдат, неабходна прадказаць, які працэнт выбаршчыкаў прыйдзе на выбары”.

Меткі: , ,

Чытайце яшчэ