У.Андрэйчанка: Нядбайных бацькоў і даўжнікоў за палугі ЖКГ патрэбна прыцягваць да грамадскіх прац
Учора на пасяджэнні Віцебскага аблвыканкама разглядалася праблема абароны дзяцей у нешчаслівых сем’ях, дзе бацькі п’юць і не займаюцца выхаваннем. Часта такія дзеці трапляюць у інтэрнаты. Згодна з Дэкрэтам прэзідэнта №18, нядбайныя бацькі павінны кампенсаваць выдаткі, якія панесла дзяржава на ўтрыманне і забеспячэнне іхніх дзяцей. Але гэта не так проста, як падаецца. Таму губернатар вобласці Уладзімір Андрэйчанка заклікаў да больш кардынальных мераў у адносінах да гора-бацькоў. На ягоную думку, не толькі іх, але і людзей, якія маюць пазыкі за паслугі жыллёва-камунальнай гаспадаркі, патрэбна прыцягваць да грамадскіх прац.
Як паведамляе БелТА, у Віцебскай вобласці будзе 900 прадпрыемстваў, якія возьмуць на сябе абавязак прымаць на працу нядбайных бацькоў. А грошы на ўтрыманне дзяцей у інтэрнатах патрэбны немалыя. Да прыкладу, тэлерадыёкампанія “Віцебск” прыводзіць наступныя лічбы: “У Віцебскім дзіцячым доме для дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця жыве больш за 50 дзяцей-сірот. Бацькі 24 малышоў павінны кампенсаваць выдаткі на іх утрыманне. Гэта 129 тысяч 300 рублёў на кожнага штомесяц, пры гэтым утрыманне аднаго дзіцяці ў месяц абыходзіцца ў 1 мільён 366 тысяч рублёў. З пераменным поспехам толькі 8 з амаль 30 бацькоў выдаткі аплочваюць. Астатнія ўхіляюцца па тых ці іншых прычынах. Запазычанасць гора-бацькоў перад дзіцячым домам толькі ў 2006 годзе склала амаль 30 мільёнаў рублёў. Грошы, а значыць цацкі, адзенне, садавіну і вітаміны недаатрымліваюць іншыя дзеці”.