Народные новости Витебска

Моладзевых актывістак затрымалі за расьцяжку

Трох віцебскіх моладзевых актывістак затрымалі за расьцяжку "Выбары ёсьць, а выбару няма!" Міліцыянты адсачылі, як а 7-й раніцы трое дзяўчат замацоўвалі расьцяжку паміж слупамі ў раёне Плошчы тысячагодзьдзя Віцебску.

Іх адразу затрымалі й завезьлі ў пастарунак. 18-гадовую Юлію Матусевіч праз колькі часу завезьлі ў Чыгуначны раённы суд. Ёй абвешчана папярэджаньне паводле першай часткі 167-га артыкулу адміністрацыйнага заканадаўства: "парушэньне парадку арганізацыі і правядзеньня масавых мерапрыемстваў, сходаў, мітынгаў, дэманстрацый і пікетаваньня".
Няпоўнагадовым Ганьне Чэпелавай і Алене Багданавай сказалі, што іх пазьней выклічуць на гутарку ў міліцыю разам з бацькамі. Тлумачыць міліцыянтам свой учынак у адсутнасьць дарослых дзяўчыты адмовіліся, а для Радыё Свабода Ганна Чэпелава сказала наступнае. "Нас траіх схапілі, склалі пратакол на кожную. На працягу ўсёй размовы міліцыянты лаяліся матам, прыніжалі нас, прымушалі ў нечым прызнацца. А мы лічым, што нашы дзеяньні не парушалі грамадзкі спакой. Проста ў нас такая ў Віцебску сытуацыя своеасаблівая з гэтымі выбарамі: амаль на кожнай акрузе толькі па адным кандыдаце, і выбіраць практычна няма з каго. Таму на расьцяжцы былі словы: "Выбары ёсьць, а выбару няма!"
На выбарах у Віцебскі гарсавет толькі ў сямі выбарчых акругах з сарака барацьбу паміж сабой будуць весьці два прэтэндэнты. Дзеля выбараў у абласны савет сфармавана 60 акругаў, і толькі ў 11-ці балятуюцца два або тры кандыдаты.

Крыніца: “Радыё Свабода”