Віцебская берасцяная грамата з’явіцца ў інтэрнэце
У інтэрнэце неўзабаве з’явіцца сайт з архівам старажытных берасцяных грамат. На гэтым рэсурсе будуць выкладзеныя лічбавыя выявы грамат і іх тэксты на стараславянскай мове, а таксама ў перакладзе на сучасную рускую мову. Пры гэтым берасцяныя граматы будуць размешчаныя па верагодным часе іх напісання, па месцах іх знаходкі і па жанрах – граматы бытавыя, царкоўныя, вучэбныя, літаратурныя і інш.
Як паведаміў расійскай службе радыё “Свобода” супрацоўнік Інстытута славяназнаўства Расійскай акадэміі навук Аляксей Гіпіус, акрамя архіва фотаздымкаў, на сайце будзе выкладзена база дадзеных, якая ўключыць археалагічную інфармацыю пра асобныя дакументы і лінгвістычную разметку гэтага корпуса. Па словах Гіпіуса, гэта будзе марфалагічная характарыстыка ўсіх словаформаў, якія складаюць берасцяную грамату.
Большасць берасцяных дакументаў былі знойдзеныя ў Ноўгарадзе. Па словах А.Гіпіуса, гэта тлумачыцца прыроднымі ўласцівасцямі глебы ў гэтай мясцовасці: старажытная бяроста добра там захавалася. “На сённяшні дзень у Ноўгарадзе знойдзена 962 берасцяныя граматы, у Старой Русе – 40, Таржку – 19, Смаленску – 15, Пскове – 5, Цверы – 5. Тры граматы знайшлі на Украіне ў Звянігорадзе-Галіцкім, па адной грамаце – у Віцебску, Маскве, Мсціслаўлі і Старой Разані. У цэлым гэта 1053 дакументы”, – распавёў А.Гіпіус.
Нагадаем, што Віцебская берасцяная грамата – першая на тэрыторыі Беларусі – была знойдзена 20 жніўня 1959 года падчас земляных прац на плошчы Свабоды. Зараз яна захоўваецца ў Віцебскім абласным краязнаўчым музеі.
Грамата датуецца перыядам 13-14 стагоддзяў. Яе тэкст: “От Стьпана ко Нежилови. Оже еси продало порты, а коупи ми жита за 6 гривено. А ли цего еси не продало, а посли ми лицеме. А ли еси продало, а добро сътворя оукоупи ми жита”. У перакладзе на сучасную рускую мову: “От Степана к Нежиле. Если ты продал одежду, то купи мне рожь за 6 гривен. Если же чего не продал, то пошли мне наличностью. Если же продал, то сделай доброе дело – купи мне рожь”. Мяркуючы па лексічных асаблівасцях, характэрных для наўгародскіх берасцяных грамат (“цего”, паўнагалоссе ў канчатках слоў – «продало», «лицеме»), грамату пісаў наўгародзец свайму часоваму ці пастаяннаму прадстаўніку ў Віцебску.
Другая берасцяная грамата ў Беларусі была знойдзена ў Мсціслаўлі (Магілёўская вобласць) на Замкавай гары ў 1980 годзе.
Дадзены інтэрнэт-праект рэалізуюць супрацоўнікі Маскоўскага дзяржаўнага універсітэта, Інстытута славяназнаўства РАН, Дзяржаўнага гістарычнага музея Расіі, Інстытута рускай мовы РАН і Наўгародскага дзяржаўнага музея-запаведніка. Дасюль у інтэрнэце была прадстаўлена ўсяго адна сярэднявечная берасцяная грамата, якая захоўваецца ў Французскай нацыянальнай бібліятэцы ў Парыжы.