Створана знікаючая экалагічная сукенка
У Велікабрытаніі пашылі першую ў свеце сукенку, якая знікае праз некалькі гадзін пасля таго, як яе апранулі. Гэта вынік супрацоўніцтва дызайнера Хелен Сторы і прафесара хіміі Тоні Райена, якіх натхняла ідэя экалогіі. Сукенка выраблена з празрыстага палімеру на аснове полівінілавага спірту. Гэты палімер шырока прымяняецца, напрыклад, пры вырабе пакецікаў для пральнага парашку. Сукенка можа вытрымаць некалькі гадзін нашэння на бурнай вечарынцы, а затым яна пераўтвараецца ў нешта, што можна перапрацаваць у пластыкавыя бутэлькі.
Дэманстрацыя сукенкі пройдзе ўвосень на выставе ў брытанскім горадзе Шэфілд. Пасля таго, як манекеншчыцы пакажуць упрыгожаныя кветкамі сукенкі, адзенне змесцяць у вялікі акварыум, дзе на вачах у публікі яно пачне растварацца. Арганізатары абяцаюць сапраўднае шоу, бо кветкі спачатку будуць мяняць колеры, а потым пачнуць перамяшчацца па акварыуме, нібы жывыя істоты. Мэта акцыі – прыцягнуць увагу да экалогіі: сучасная цывілізацыя ўтварае занадта шмат смецця.